«СТАТУ́Т АБ КІРАЎНІ́ЦТВЕ ІНШАРО́ДЦАЎ» 1822, заканадаўчы акт Расійскай імперыі, які разам са «Статутам аб сібірскіх кіргізах» вызначаў сістэму кіравання нярус. народамі Сібіры. Складзены пры ўдзеле М.​М.​Спяранскага. Падзяляў нярус. народы Сібіры («іншародцаў») на аселых, качавых і вандроўных. «Аселыя іншародцы» (гал. чынам сіб. татары) у прававых адносінах прыраўноўваліся да рус. цяглых саслоўяў — мяшчан і дзярж. сялян. Кіраванне «вандроўнымі іншародцамі» (ненцы, юкагіры і інш. паляўнічыя народы Паўн. Сібіры) ажыццяўлялі прадстаўнікі родаплем. вярхоў — «князцы» і старасты. У «качавых іншародцаў» (бураты, якуты, эвенкі, хакасы і інш.) кожны улус або стойбішча атрымлівалі родавае праўленне, якое складалася са старасты і 1—2 памочнікаў. Некалькі ўлусаў і стойбішчаў падпарадкоўваліся «іншароднай управе». Статут замацоўваў за качавымі народамі землі, якімі тыя карысталіся, дазваляў гандаль, вызначаў памер і спосабы збірання ясаку, пашыраў на гэтыя народы крымін. заканадаўства краіны. Створаныя ў адпаведнасці са статутам родавыя праўленні і «іншародныя ўправы» існавалі да пач. 20 ст.

т. 15, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)